МУХА́МЕД АЛІ́, Мехмет Алі(1769, Кавала, Грэцыя — 2.8.1849), правіцель Егіпта [1805—48], фактычны стваральнік сучаснай егіп. дзяржавы. Напачатку вядомы як гандляр тытунём, потым на тур. ваен. службе. У 1799—1801 адзін з камандзіраў тур. войска ў франка-тур. вайне ў Егіпце (гл. Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1805, знішчыўшы б.ч. егіпецкіх мамлюкаў, захапіў уладу ў Егіпце. Заваяваў Зах. Аравію (1811—18), Усх. Судан (1820—22). У 1824—28 удзельнічаў у барацьбе супраць Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. Абвясціў усю зямлю ў краіне дзярж. маёмасцю. Ліквідаваў старую землеўладальніцкую арыстакратыю, стварыў новую са сваіх паплечнікаў. Для пераймання еўрап. вопыту накіраваў у Еўропу некалькі дэлегацый. Ажыццявіў шэраг рэформ, у т. л. сістэмы кіравання краінай: стварыў кабінет міністраў, падзяліў Егіпет на правінцыі (мудзірыі). Стварыў рэгулярнае войска на аснове ўсеаг. ваен. абавязку. Застаючыся фармальна васалам Асманскай імперыі, вёў з ёй 2 вайны (1831—33, 1838—41). Заваяваў Палесціну, Сірыю, Ліван, Кілікію, але пад націскам вял. еўрап. дзяржаў быў вымушаны ў ліст. 1840 капітуляваць, захаваўшы пад сваёй уладай толькі Егіпет і Усх. Судан. У 1848 перадаў прастол свайму сыну.

Мухамед Алі.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)